Генадзь Сагановіч напісаў манаграфію пра гісторыка-дысідэнта

У навуковай кніжнай серыі Варшаўскага ўніверсітэта “Bibliotheca Europae Orientalis. Studia выйшла манаграфія гісторыка Генадзя Сагановіча, прысвечаная асобе Міколы Прашковіча (1932— 1983) — беларускага літаратуразнаўцы, крытыка і перакладчыка, які ўвайшоў у гісторыю таксама як адзін з удзельнікаў беларускага культурніцкага дысідэнцтва 1960—1970‑х гадоў.

Сам Генадзь Сагановіч пракаментаваў з’яўленне кнігі “Мікола Прашковіч. Сказ пра беларускага дысідэнта” коратка: “Выйшла нарэшце кніга, напісаць якую лічыў сваім маральным абавязкам”,цытуе “Наша Ніва”.

Мікола Прашковіч нарадзіўся ў 1932 годзе ў вёсцы Гарадзішча Бярэзінскага раёна. 

Паходзіў з сялянскай сям’і. Спачатку вучыўся на філалагічным факультэце БДУ на расейскай філалогіі, але пазней перавёўся на беларускае аддзяленне, якое скончыў у 1957 годзе. Пасля гэтага некалькі гадоў працаваў настаўнікам у вясковых школах, дзе выкладаў мовы і літаратуру. Затым працягнуў навуковую дзейнасць — вучыўся ў аспірантуры Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, а пасля стаў там навуковым супрацоўнікам.

У 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную творчасці Сімяона Полацкага.

Яго артыкулы і выступленні часта былі вострымі і выклікалі шырокія дыскусіі ў грамадстве. Апублікаваная ў 1965 годзе ў часопісе “Полымя” рэцэнзія на кнігу Аляксандра Коршунава пра Афанасія Філіповіча прывяла да сур’ёзных спрэчак у навуковых колах і нават стала падставай для абмеркавання ў Акадэміі навук пытанняў беларускай гісторыі і дзяржаўнасці. Супраць Прашковіча выступіў сумнавядомы Лаўрэнцій Абэцэдарскі са сваімі паплечнікамі.

Прашковіч меў блізкія кантакты з беларускімі і ўкраінскімі патрыятычна настроенымі дзеячамі, падтрымліваў іх, у тым ліку матэрыяльна, у цяжкія часы. У тым ліку ён падтрымліваў сувязі з Ларысай Геніюш, неаднаразова ездзіў да яе ў Зэльву, яна таксама часта згадвала яго ў сваіх лістах.

У 1970‑я гады Прашковіч апынуўся пад ціскам савецкіх спецслужбаў. У выніку ў 1974 годзе яго звольнілі з Акадэміі навук па абвінавачанні ў нацыяналізме. Пэўны час ён не меў працы, пасля займаў розныя нізкакваліфікаваныя пасады.

Праз праблемы са здароўем у 1982 годзе спыніў працу. Трагічна загінуў падчас пажару ў роднай вёсцы.