У “Бібліятэцы электронных кніг і твораў” ад сайта Bellit.store з’явілася кніга прозы Яўгена Аснарэўскага “Бяздарныя апавяданні”. Зборнік складзены з твораў, якія раней публікаваліся аўтарам у літаратурных выданнях.
Усе героі апавяданняў так ці інакш змагаюцца са сваімі фізічнымі і (або) псіхічнымі траўмамі.
“Для тых аматараў белетрыстыкі, якія сочаць за аўтарам у сацсетках, не з’яўляецца сакрэтам вельмі негатыўны прыём, якім у свой час ушанавалі стваральніка гэтай кнігі іншыя літаратары, а таксама чытаючая публіка. Разгромныя водгукі, нізкія адзнакі на профільных сайтах, здзекі і насмешкі былі заўсёднымі спадарожнікамі літаратурных досведаў аўтара з часоў яго дэбюту пад імем Яўгена Аснарэўскага. Падобны халодны душ, праўда, разбаўляўся цёплай вадой, дзякуючы цудоўнаму прыёму навукова-папулярных кніг няўмехі-празаіка. Тым не менш, у такім кантэксце назва «Бяздарныя апавяданні» выглядае цалкам дарэчнай”, — піша Яўген Аснарэўскі ва ўступным слове.





