22 красавіка ў варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11) адбудзецца творчая сустрэча з пісьменнікам і юрыстам Максімам Знакам.
Максім Знак — адвакат, паэт, бард, аўтар кнігі літаратурных запісаў “Зэкамерон”, створанай у беларускай турме. У 2020 годзе ён быў адвакатам Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай, але ў верасні таго ж года быў затрыманы і асуджаны на 10 гадоў зняволення.
З 9 лютага 2023 году знаходзіўся ў статусе інкамунікада, цалкам пазбаўлены сувязі з адвакатамі і членамі сям’і. 13 снежня 2025 году вызвалены з турмы і, разам з вялікай групай палітзняволеных, прымусова дэпартаваны з Беларусі ва Украіну. Жыве ў Польшчы.
“Падманліва лёгкія, але моцныя гісторыі зняволенага беларускага юрыста і актывіста. 100 апавяданняў у «Зэкамероне» заснаваныя на «Дэкамероне» XIV стагоддзя, але Максім Знак бліжэйшы да Бэкета, чым да Бакача. Банальнасць і жорсткасць супернічаюць са здольнасцю чалавека вытрымліваць прыгнёт”, — так пісала брытанская крытыка пра кнігу Максіма Знака, якая ўвайшла ў кароткі спіс прэміі Republic of Consciousness Prize.

На дадзены момант “Зэкамерон”, напісаны ў першы год зняволення, выдадзены на беларускай, расейскай, ангельскай, нямецкай, шведскай і дацкай мовах.
З самага юнацтва Максім Знак піша вершы і тэксты для ўласных песень, з якіх пасля 2017 году склаліся 4 уласныя музычныя альбомы: “Казкі”, “Гарады”, “Ветразь” і “Мора”. Максім не раз выступаў як бард, а ў 2018 годзе стаўся лаўрэатам легендарнага фестывалю “Бардаўская восень”, які штогод адбываецца на Беласточчыне.
Падчас сустрэчы Максім раскажа пра сваю кнігу, падзеліцца ўспамінамі пра час яе напісання і адкажа на пытанні. Прагучаць старыя і новыя песні.
Пачатак у 19:00
Уваход вольны
Сустрэча ладзіцца ў межах праграмы ArtPower Belarus у сумесным праекце Міжнароднага Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі “Будзьма беларусамі”.






