10 траўня ў Варшаве з 15 па 17 гадзіну пройдзе community-brunch зіна “Фігуры”, дзе можна будзе пазнаёміцца з аўтаркамі і стваральніцамі зіна, паслухаць тэксты, набыць выданне, а таксама паразмаўляць і разам падсілкавацца ў прыязнай кампаніі.
Другі папяровы выпуск зіна “Фігуры” змяшчае “тэксты дзесяці аўтарак, адабраныя і размеркаваныя ў два міні-томікі, згодна з адчуваннямі ад іх. Адны — хутчэй насычана-густыя, другія — тонка-празрыстыя”, — тлумачаць у рэдакцыі зіна і дадаюць, што падзел умоўны.
Зін публікуе тэксты, напісаныя жанчынамі, — і пра жанчын, якія пішуць. Аўтаркі новага “двухтомнага” выпуску: Лусінэ, Дар’я Роскач, Марыя Дзем’ячэнка, Ліана Каханоўская, Тоні Лашдэн, Марыя Літвін, Яна Санько, Маша Гуліна, Ханя Рагачэўская і hanna r.
“Згодна з самвыдатаўскай традыцыяй зінаў, тэксты публікуюцца ў выглядзе, дасланым аўтаркамі. Першасна мы планавалі зрабіць усё як мае быць: з рэдактурай у некалькі ітэрацый і карэктурай. Але ў пэўны момант стала зразумела, што альбо мы публікуем другія “Фігуры” згодна з даступнымі тут і зараз рэсурсамі, альбо не публікуем наогул. У рэшце рэшт, пяць гадоў таму праект задумваўся як паўпанкавая альтэрнатыва сур’ёзнаму літ. працэсу. То чаго спрабаваць праз боль гуляць па правілах выдавецтваў? Гэтым разам гуляем па сваіх”, — піша каманда зіна.



Хто перадзамаўляў зін раней праз Ko-fi.com, атрымае свае асобнікі найбліжэйшымі тыднямі. Для рэшты цяпер зін каштуе ад 10€. Як патлумачылі аўтаркі, на адзін асобнік сыходзіць мінімум гадзіна фізічнай працы: асобна друкуюцца вокладкі і змест, асобна складаецца кожны разварот, потым усе яны збіраюцца ў кніжны блок, дзіравяцца шылам і сшываюцца, а ў канцы абразаюцца краі. Усё гэта робіцца адной парай рук.
Для таго, каб завітаць на community-brunch, пазнаёміцца з аўтаркамі, пагартаць і набыць асобнікі зіна, пішыце ў прыватныя паведамленні ў інстаграме @fihury.zine.






