Журы прэміі імя Францішка Багушэвіча сфармавала доўгі спіс з твораў, выдадзеных у 2025 годзе і намінаваных на конкурс прэміі. У дванаццатку ўвайшлі як кнігі, так і медыйныя праекты — падкасты, блогі і даследаванні, што прапануюць новыя перспектывы для вывучэння гістарычнай спадчыны і пашырэння беларускай культуры.
З 24 твораў, уключаных у поўны спіс, у наступны этап конкурсу прайшлі 12 — тыя, што, паводле ацэнкі журы, не толькі адпавядаюць мэтам прэміі, але найбольш выразна і арыгінальна асэнсоўваюць тэмы беларускай гісторыі, культуры і нацыянальнай ідэнтычнасці.
У доўгі спіс прэміі ўвайшлі:
Кнігі:
- “І даўней так пелi: Музычны фальклор старавераў паўночна-заходняй Беларусі” – Вольга Барышнікава (Skaryna Press, Лондан, 2025)
- “Патаемная спадчына. Казкі пра беларускіх жанчын”. Том 1 i 2 – фундацыя BYPROSVET (BYPROSVET/Magenta, Варшава, 2025)
- “Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці” – Ганна Кандрацюк (выдавецтва Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, Беласток, 2025)
- “Апошнія сведкі Гродна” – Руслан Кулевіч (самвыд, Польшча, 2025)
- “На “Старт” і ў “Тэмпе”: Ножны шпурляк на Аршаншчыне” – Арцём Сізінцаў (Skaryna Press, Лондан, 2025)
- “Кола дня” – Аляксандра Турава (2025, зашыфраваны ўдзел)
- “Кровазварот” – Юля Цімафеева (Янушкевіч, Варшава, 2025)
- “Цені падмуркаў” – Milestone (2025, зашыфраваны ўдзел)
Артыкул у медыя, падкаст, кіно, відэа/відэацыкл, іншае:
- Тэлевізійны праект “Сармацкі вус” – аўтар і вядоўца Цімафей Акудовіч
- “Беларусь як “культурное падабенства каланіяльнай Афрыкі”, ці Антыкаланіяльнае паўстанне камуніста Аляксея Каўкі” – Таццяна Астроўская (артыкул у часопісе «Topos», Вільня, 2025)
- Падкаст “Літаратурныя зацемкі” – Сяргей Дубавец
- Відэаблог пра беларускую кухню “Pr0Food” – Сяргей Мазан
Прэмія імя Францішка Багушэвіча, заснаваная ў 1996 годзе Беларускім ПЭНам, штогод адзначае найлепшыя творы, прысвечаныя гісторыі і культуры Беларусі. Яна заклікана падтрымліваць даследаванні, мастацкія і медыйныя праекты, што ўмацоўваюць беларускую культурную прастору і спрыяюць аднаўленню гістарычнай памяці.






