Апавяданні Някляева выходзяць кнігамі на польскай і беларускай мовах

Выдавецтва Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку анансавала выхад навінкі аўтарства Уладзіміра Някляева — зборніка апавяданняў “Святая крыніца”. Выданне прымеркавана да 80-годдзя пісьменніка. Кніга будзе даступная ўжо 17 красавіка на Кніжным кірмашы ў Беластоку ў двух варыянтах: на беларускай і на польскай мовах.

Кожнае апавяданне ў гэтым зборніку — гэта асобная гісторыя, але разам яны ўтвараюць шматгалосую размову з літаратурнай традыцыяй і сучаснасцю. Тут ёсць і містычна-экзістэнцыйныя развагі пра жыццё і смерць, і трагічна-іранічныя вобразы пасляваеннай вёскі на беларуска-літоўскім памежжы, і гратэскавае адлюстраванне сучаснай беларускай рэчаіснасці, а таксама іншыя нечаканыя сюжэты і інтанацыі. Такая разнастайнасць дазваляе ўбачыць шырыню творчага мыслення Някляева і адчуць, наколькі беларуская літаратура блізкая польскай і ў той жа час адрозніваецца ад яе, дзеліцца ўражаннямі ад працы перакладчык Марцін Рэмбач.

Салон беларускіх незалежных выдавецтваў на Кніжным кірмашы ў Беластоку будзе працаваць
– 17.04.2026 / 10:00–18:30
– 18.04.2026 / 10:00–18:30
– 19.04.2026 / 10:00–16:30

Арганізатары запрашаюць усіх ахвотных наведаць кірмаш і прыдбаць цікавыя выданні.