Фонд “Камунікат” выдаў у Беластоку кнігу прозы Уладзіслава Ахроменкі “Нясвіжская крыза”, куды ўвайшлі творы розных жанраў і накірункаў. Кнігу ўжо можна замовіць праз сайт выдавецтва.
У новым выданні чытач знойдзе славутую “Тэорыю змовы” — вострасюжэтны кінараман-фарс, у якім аўтар ставіць у парадаксальнай і жорсткай форме тыя беларускія пытанні, якія многія баяцца задаць сабе нават у думках. Ёсць таксама “Музы і свінні” — кніга гарадскіх міфаў, легендаў і апокрыфаў пра герояў, якія нас змянілі. Сярод герояў Дзед Талаш, Дзмітрый Шастаковіч, Кім Ір Сэн, Уладзімір Мулявін, Жак-Іў Кусто, але ёсць таксама ананімныя акторы, рэжысёры, музыкі, мастакі, мянты, цэнзары і камітэтчыкі.

У зборнік прозы таксама ўвайшлі нідзе дагэтуль не публікаваныя тэксты двух незавершаных раманаў Уладзіслава Ахроменкі: “Нясвіжская крыза” i “Выкрадальнік гукаў”. “Ведаючы творчыя модулі Уладзіслава, — піша яго сябра і суаўтар некалькіх кніг Максім Клімковіч, — магу сцвярджаць, што першы тэкст — гэта недзе 70% ад меркаванага канчатковага аб’ёму, а другі — ўсяго каля 10%“.
Уладзіслаў Ахроменка нарадзіўся 29 студзеня 1965 года ў Гомелі ў сям’і выкладчыцы музычнай вучэльні. З дзяцінства займаўся музыкай. Закончыў Гомельскую музычную вучэльню імя Сакалоўскага і Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, клас фартэпіяна.
Але неўзабаве выбраў іншы прафесійны занятак — літаратуру. Працаваў у вострасюжэтных жанрах — дэтэктыў, трылер, альтэрнатыўная гісторыя, часта ў сааўтарстве з Максімам Клімковічам. Пад псеўданімамі выдаў каля дзвюх соцень камерцыйных раманаў на расейскай мове, некаторыя з іх экранізаваныя. Разам з Максімам Клімковічам выканаў драматургічную інсцэніроўку аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы» для купалаўскага тэатра.
Быў адным з першых добраахвотнікаў, валанцёраў і карэспандэнтаў на фронце падчас вайны на ўсходзе Украіны. За сваю дзейнасць і ўдзел у падзеях 2014 году быў узнагароджаны медалём «За годнасць і патрыятызм». Жыў у Менску, апошнія гады — у Чарнігаве.
У ноч на аўторак 30 кастрычніка 2018 году ў Беластоку ва Уладзіслава Ахроменкі здарыўся інфаркт, пасля якога ён упаў у кому. Памёр 9 лістапада 2018 году. Пахаваны ў Менску на Заходніх могілках.





